САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,
падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНК СССР В.М.Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл. Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах. Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс. км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.
Літ.:
Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;
Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел. гіст. часоп. 1994. №3;Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 14, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)